КАЛУ́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры Еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 29,9 тыс.км². Нас. 1097 тыс.чал., гарадскога 72% (1996). Цэнтр — г.Калуга. Найб. гарады: Обнінск, Людзінава, Сухінічы, Кондрава, Малаяраславец, Кіраў.
Прырода. Паверхня — узгорыстая раўніна, густа расчлянёная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Большая ч.тэр. занята Смаленскім і Сярэднярускім узвышшамі. Пераважаюць вышыні 150—250 м, найб. 279 м. Карысныя выкапні: буры вугаль, фасфарыты, вапнякі, гліны, кварцавыя пяскі, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 18 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—650 мм. Гал. рэкі: Ака з прытокамі Жыздра, Угра, Шаня, Таруса, Пратва (бас.р. Волга), Балва і Снопаць (бас.р. Дняпро). Многа штучных вадаёмаў, найб. Людзінаўскае вадасховішча. Глебы на Пн і ПдЗ дзярнова-падзолістыя, у цэнтры і на У шэрыя лясныя. Пад лесам (хвоя, елка, бяроза, асіна) каля 40% тэр. У межах К.в. Угрынска-Жыздрынскі нац. парк і запаведнік «Калужскія засекі».
Гаспадарка. Прамысловасць шматгаліновая: маш.-буд. і металаапр. (турбіны, цеплавозы, электратэхн. вырабы, прылады, помпы, пуцеўкладчыкі), лёгкая (шарсцяная, гарбарная, трыкатажная, швейная, маст. вырабаў), харч. (мясная, плодакансервавая, крухмальная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (піламатэрыялы, мэбля, запалкі, папера), буд. матэрыялаў (шкло, фаянс, жалезабетонныя вырабы, цэгла), хім. (вырабы з пластмасы і палімерных матэрыялаў). Здабыча бурага вугалю (Падмаскоўны вугальны бас.), торфу, буд. матэрыялаў. Першая ў свеце АЭС (Обнінск). Пад с.-г. ўгоддзямі 46,6% тэр. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, грэчка, ячмень, пшаніца, авёс), бульбу, агародніну, кармавыя культуры, з тэхнічных — лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свіна-, авечка-, птушкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 361,4, свіней — 153. Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Масква—Сухінічы—Унеча, Вязьма—Калуга—Тула, Смаленск—Сухінічы—Бялёў, Вязьма—Людзінава—Бранск; аўтадарогі Масква—Малаяраславец—Рослаўль, Масква—Калуга—Арол. Суднаходства па р. Ака.